МАТЭРЫЯЛЫ ДА ПРАКТЫЧНЫХ ЗАНЯТКАЎ
Раздзел 1. Уводзіны
Пытанні для самакантролю
- Акрэсліце месца беларускай мовы на лінгвістычнай карце свету, пакажыце яе роднасныя сувязі з іншымі славянскімі мовамі.
- Раскажыце пра навуковыя тэорыі і гіпотэзы адносна паходжання беларускага этнасу і беларускай мовы. Растлумачце значэнне тэрмінаў “індаеўрапейская мова”, “праславянская мова”, “беларуская нацыянальная мова”, “беларуская літаратурная мова”.
- Ахарактарызуйце функцыі беларускай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім. Пакажыце значэнне для беларускай лінгвістыкі філалагічнай і духоўнай спадчыны аўтараў першых айчынных мовазнаўчых прац (слоўнікаў і граматык).
- Акрэсліце акалічнасці, якія прывялі да выцяснення беларускай мовы з афіцыйнага ўжытку польскай мовай. Ахарактарызуйце праявы русіфікацыі беларусаў, характэрныя для перыяду ўваходжання Беларусі ў склад Расейскай імперыі.
- Пакажыце, як выявілася ідэя нацыянальнага Адраджэння ў паэзіі і публіцыстыцы пачатку ХХ ст. Ахарактарызуйце гістарычныя ўмовы, у якіх адбывалася фарміраванне нормаў новай беларускай літаратурнай мовы.
- Ахарактарызуйце набыткі і цяжкасці беларусізацыі 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Асэнсуйце ідэалагічныя аспекты рэфармавання беларускай мовы.
7.Акрэсліце ролю пісьменнікаў і лінгвістаў ХХ – ХХІ стст. у развіцці беларускай літаратурнай мовы.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Раскажыце, як беларусы называлі сябе, сваю дзяржаву і мову ў розныя гістарычныя перыяды. Рыхтуючы адказ на гэтае пытанне, звярніцеся да зборніка “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі” (Мн., 1993, С. 76) і энцыклапедычнага даведніка “Народная культура Беларусі” (Мн., 2002, С. 51-53).
Практыкаванне 2. Параўнайце ўрыўкі з беларускіх твораў розных гістарычных часоў. Вызначце ў іх найбольш істотныя адрозненні (у правапісе, граматычных формах, ужыванні слоў) у параўнанні з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
- Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; риби, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – також и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають… (З прадмоваў Ф. Скарыны)
- Чужаземныя словы, нядаўна ўвайшоўшыя ў беларускую мову, асабліва-ж навуковыя тэрміны, пераважна перадаюцца, па магчымасьці, так, як у тэй мове, скуль яны ўзятыя: тэлеграф, тэлеграма, калёквіум, географія, геомэтрыя, тэрыторыя, унівэрсытэт, эволюцыя, элемэнт, інтэлігенцыя і г.д. (Б. Тарашкевіч)
|
3. Цёплы вечэр, ціхі вецер, сьвежы стог Улажылі спаць мяне вы на зямлі. Не ўстае стаўпом пыл сьветлы ўздоўж дарог, У небі месяца праглянуў бледны рог, У небі ціха зоркі расцьвілі.
|
Заварожэны вячэрняй цішыной Я не цямлю, дзе рука, дзе галава; Бачу я, с прыродай, зліўшыся душой, Як дрыжаць ад ветра зоркі нада мной, Чую ў цішы, як расьце трава. (М. Багдановіч) |
Практыкаванне 3. Падрыхтуйце даклад (у навукова-папулярным стылі), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху заснавальніка беларускай філалогіі Яўхіма Фёдаравіча Карскага.
Практыкаванне 4. Падрыхтуйце даклад (у навукова-папулярным стылі), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху беларускага анаматолага Валянціны Пятроўны Лемцюговай.
Практыкаванне 5. Падрыхтуйце даклад (у навукова-папулярным стылі), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху беларускага лінгвіста Галіны Мікалаеўны Малажай.